"Ад збожжа да каравая"
Праца хлебароба заўсёды была самай цяжкай і адказнай у жыцці чалавека. Адсюль з пакалення ў пакаленне, ад дзеда да ўнука перадаваліся беражлівыя адносіны да хлеба, выпрацаваўся шэраг правіл і перасцярог:
* Выкідаць хлеб заўсёды лічылася недаравальным. Калі хлеб немагчыма ўжываць у ежу, яго аддавалі птушкам.
* “Калі сонейка села, новага бохана хлеба не пачынай, — галеча адолее!”
* “Каб быць шчаслівым і ўдалым, на пачатку і на заканчэнні абеду з’еш крыху хлеба з соллю”.
*Лічылася, калі пасля прыняцця ежы на стале пакінуць кавалачкі няз’едзенага хлеба, можна страціць сваё здароўе.
* Каб сям’ю не спасціг голад, няўрод ці іншыя страты, строга сачылі за тым, каб хлебныя крошкі не падалі са стала на падлогу.
* Калі хлеб стаяў у печы, кожная гаспадыня ведала, што нельга месці падлогу, сварыцца.
* Жанчыну, якая рабіла цеста на хлеб, трэба было абавязкова вітаць добрымі пажаданнямі.
З мэтай выхавання паважлівых адносін да працы хлебароба, беражлівых адносін да хлеба напярэдадні раённых дажынак, якія ў гэтым годзе ладзяцца ў нашым аграгарадку, у Любанскім дзіцячым садзе была арганізавана выстава "Ад збожжа да каравая". На выставе прадстаўлены экспанаты сялянскага побыту, звязаныя з нялёгкай працай хлебароба (адзенне, посуд, сам хлеб).