Дапаможам птушкам зімой
Зіма - складаны час для зімуючых птушак. Няпроста ім знайсці корм за кароткі дзень, знайсці месца, каб перачакаць доўгую халодную ноч.
Асабліва цяжка прыходзіцца птушкам, калі снегавое покрыва хавае і тую невялікую здабычу, якой птушкі могуць пажывіцца. На дапамогу пярнатым прыйшлі бацькі і выхаванцы нашай дашкольнай установы. Таты Хвашчынскага Сашы, Бурака Захара, Гардзея Елісея, Соніч Надзеі змайстравалі зручныя і прыгожыя кармушкі. Некаторыя прынеслі зерне, скрыёчкі сала і іншы корм. Нашы выхаванцы сумесна з выхавальнікамі штодзённа на прагулцы насыпаюць ім корм, сочаць, каб кармушкі не замяло снегам.
Першымі пачастунак згледзелі сінічкі, пераскакваючы з галінак кустоў і дрэў спачатку нясмела, а потым усё дружней, пачалі ласавацца салам, просам. Не адстаюць ад іх і чародкі вераб'ёў.
Ціхенька, каб не спужаць пярнатых, дзеці адышлі ад кармушак і здалёк назіралі за абедам меншых сяброў.
Нездарма гавораць, што кожны чалавек павінен клапаціцца аб "меншых братах", і наша задача - выхаваць у кожнага дзіцяці пачуццё адказнасці за "меншых братоў".